АРНО́ЛЬД БРЭШЫЯ́НСКІ,
Арнальда Брэшыянскі (лац. Arnoldus de Brixia, італьян. Arnaldo da Brescia; каля 1100, г. Брэша, Італія — 18.6.1155), італьянскі паліт. і царкоўны рэфарматар. Вучань П.Абеляра. У 1137 узначаліў барацьбу жыхароў Брэшы супраць епіскапа — сеньёра горада. Рашэннем Усяленскага сабора 1139 выдвараны з Італіі. За крытыку духавенства выгнаны з Францыі, Цюрыха. Вярнуўшыся ў Рым (1145), удзельнічаў у кіраванні Рымскай рэспублікай (1143—55), створанай у выніку антыпапскага паўстання, выступіў як ідэолаг барацьбы рымлян за захаванне рэспублікі, пазбаўленне духавенства ўласнасці і свецкай улады. Паводле распараджэння папы пакараны смерцю.
т. 1, с. 501
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)